Яму пад шэсцьдзесят, і часта ён цяпер
Сутуліцца, нібы пад мехам зерня.
Ні дробязным не стаў ён, ні мізэрным,
Хоць шмат абраз і крыўдаў ён сцярпеў.
Хвалёнай ціхай мудрасці няма
I не павінна быць, калі ты жыў як трэба,
Больш на зямлю глядзеў, а не на неба,
I ўсё да сэрца горача прымаў.
Пра старасць не павінна вершаў быць,
Яе прытулак у суровай прозе.
А старасць ўсё бліжэй,
Яна ўжо на парозе.
Дык што ж, утаймавацца ці завыць?
А замыслаў яшчэ на тры жыцці,
I сонца добрае яшчэ ласкава свеціць,
Ды дзьмухае эпохі жорсткі вецер,
I трэба не спыняцца, а ісці.
Спакойна дажываць — яму не райце:
Ён працаваў да стомы кожны дзень.
З астатніх сіл наперад ён ідзе,
Ён каля выхаду...
Цішэй, не напірайце.