Ямбы

 

1

Мне надакучылі малебны
У шалашах звычайных дат,
Ружовы дым, і гул хвалебны,
I хітра скроены даклад.

Ледзь не штодня са сцэн бялеюць
Прэзідыумныя ілбы.
Занадта многа юбілеяў,
Занадта многа пахвальбы.

Асколкі сонца на вясле,
Асколкі сонца на асле...
Нібы няма ўжо спраў. Нібыта
Да зор арбіты ўсе прыбіты.

Злятаюць годы вялым лісцем,
Спрабуе бронзу хтось на зуб...
Скажу такому пару ісцін
Скрозь юбілейную слязу:

Не стаў сабе дачасна помнік
I у бяссмерце не спяшы,
Лаві не ўласнай славы промні,
А сонца кожнае душы.

Цурайся слоў пустых і сцёртых,
Як трубкі школьных турнікоў.
Дарэмна слава распасцёрта
З чарговай порцыяй вянкоў

На капшукоў нацыянальных,
На канцылярскае дуб'ё,
На салаўёў правінцыяльных,
На паэтычных вераб'ёў.

Сябры мае, жыццё будуйце,
Гадуйце весела малых,
Усмешак людзям не шкадуйце
I не шкадуйце тым хвалы,

Хто справу любіць больш за славу.
Хвалі чысцей, хвалі прасцей
Герояў ворыва і плавак,
Хто і працуе і расце.

Калі ўжо свята, то каб свята,
Як май у хвалях кумача.
Калі ўжо дата, то каб дата,
Як нараджэнне Ільіча.

2

Гары, агонь мой непагасны,
Звіні, радок, са сталлю ў тон.
Хоць мой уласны конь пегасны
Б'е часам глуха капытом.

Пра ўсё мы пішам так прачула:
Пра лёс і лес, пра лён і лом.
Эклектыка, ты нас кранула
Сваім запыленым крылом.

Паведамленне рве антэны,
Што лёг Цітоў між зорак спаць, —
I ўсе накінуцца на тэму
I ну пайшлі пяром кляпаць.

Я сам на подзвіг той дзівіўся,
Маліўся на той зорны след,
Але ад шчасця не давіўся
Халтурнай жменяю манет.

А тут бягуць да каравая
З наборам штампаваных слоў.
Глухая спеўка харавая,
А трэба звонкіх галасоў.

А друк і радыё развеюць
(Ты толькі вушы падрыхтуй)
I геніяльныя ідэі,
I несусветную лухту...

Мы пераконваем заўзята
Адзін другога з дня у дзень,
I перакоўваем брат брата
Пад акіянскі гул падзей.

Клянёмся зноў палотны выткаць
Выдатныя.
Ды вось бяда:
Мы маем многа перажыткаў
I нам іх крышачку шкада.

Пад шум лясоў, пад шэлест жыта
Лепш быць да смерці маладым.
Давайце скінем перажыткі
Ў адзін касцёр — на дым, на дым!

I напрацуемся да поту,
А недзе там — далей, далей,
Пасля усёй, усёй работы
Хай скромнасць справіць юбілей.