Як позна ліпы сёлета цвітуць...

 

Як позна ліпы сёлета цвітуць:
Было так доўга холадна і хмарна.
На жоўтых крыльцах зерняты лятуць
I шэрыя фарбуюць тратуары.

А я прыпомніў паваенны час:
Жылі ў скляпах, зямлянках і руінах,
Душыў нас папялішчаў горкі чад,
I марылі мы ўсе пра зеляніну.

Вайна у сэрцах будзе доўга тлець...
Згадзіліся мінчане пацярпець
I мудрых тых людзей не асудзілі,
Што першым чынам ліпы пасадзілі.