Я заўсёды некуды спяшыў...

 

Я заўсёды некуды спяшыў
I амаль ні з чым дамоў вяртаўся.
Нават з кар’ерыстамі дружыў,
З дурнямі так ветліва вітаўся.
Горача аб нечым гаварыў,
А пасля жахаўся:
«Гэта ж пошласць».
З другам добрай кашы не зварыў
I лічыў памылкаю апошняй.
Доўгая жыцця майго вярста,
Ёсць на ёй і ўзлёты, і падзенні.
Прарастаў,
I рос,
I вырастаў,
Ды не ўмеў насіць сваё адзенне.
Мне не ўцеха словы пра адноснасць
Спраў, падзей...
Паўторныя кругі
Поглядаў людскіх, світанняў росных,
Ісцін вечных, самых дарагіх...
Цёплыя сады ў салодкім дыме.
Сосны так спагадліва шумяць
Над магілай
I над маладымі,
Што ў траве, абняўшыся, ляжаць.