Я тэмы для вершаў старанна вышукваў,
Пра шчасце людское я хітра выпытваў,
Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў
Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы.
I мне уяўлялася: слова памацаў я,
Што сцежку пасцеле пад ногі прарока —
І рынуцца зоры і сэрцы юнацкія
Ў маё неспакойнае сіняе вока.
I раптам вось гэта аднекуль нахлынула
Такая туга, такая самоцішча,
Што станеш наўмысля пад цёмнымі ліўнямі —
I не, не крануць, анічуць не замочышся;
Што прымешся здзеквацца над пялёсткамі,
З прыязнасці кпіць і над вершамі цвіліцца,
А тая ўсё болей і болей захлёствае,
Няма куды ёй ні прарвацца, ні выліцца.
Такая туга, што не знойдзеш і месца.
Ну, хоць бы адна да вясёласці кладачка!
Нібыта сядзіш адзінокі на месяцы
I слухаеш нудную мудрасць дакладчыка.
I вось, калі думкі нахлынулі роем,
Што я ўжо да радасці не даеду, —
Здарылася дзіўнае з гэтым настроем:
Я сам не заўважыў, як знік ён без следу.
Ці то бліскавіца яго спапяліла,
Ці хваля з духмянага поплаву змыла,
Ці то у вачах ён патонуў дзяўчыны, —
Шукаць не хачу, дый не трэба, прычыны...
Са мною ты побач. Сусвет заспакоены.
I зноўку так добра, так шчыра навокал.
I зноўку вясёлай зарою напоена
Маё неспакойнае сіняе вока.