Я не магу судзіць нікога...

 

Я не магу судзіць нікога,
Дарую многае братам,
Бо сам не быў любімцам бога,
Я — пасівелы сірата.

Няўдачлівы і трохі грэшны,
А міласці не папрашу:
Я сам раздам усё дарэшты —
Жыццё, і вершы, і душу.

Я дзякую сябрам за дружбу
(Інакшых не хачу сяброў),
Зямлі — за хлеб, лясы і ружы,
Сям’і — за чуласць і любоў.

А небу дзякую за промні
На ўсім працягу лет і зім...
А там, успомняць ці не ўспомняць,
Я не турбуюся зусім.