А я маладых не лаю
За доўгія валасы,
А я маладым не раю
Галіцца дзеля красы.
Не бэшчу ні міні, ні максі,
А джынсы і сам надзеў.
Былі б толькі твары, не маскі
У маладых людзей.
Ды ласкі пабольш назапашана
Стрыманай, без маны.
На працу, як мы ў рукапашны,
Ўжо сёння ідуць яны.
Шырокі там гальштук ці вузкі —
Дык гэта, дальбог, не бяда.
Прыхільнікам бітлаўскай музыкі
Я сам зраблюся, бадай.
Вось толькі жылі каб цвярозей,
Астатняе ўсё — лухта.
Абы ім свяціў па дарозе
Надзейны і яркі ліхтар.
А трэба — пойдуць на міны,
На тапкі.
Не задрыжаць.
А што там — максі ці міні —
Самім маладым вырашаць.