Я аб дзецях, аб дзецях...

 

Сонца маё,
Сосны мае,
Людзі мае,
Дазвольце хоць раз зажурыцца.
У чабор твой, радзіма,
Хачу я
Прытомленым тварам зарыцца.

Разбягаюцца рэкі мае
На захад, на поўнач, на поўдзень.
Разлятаюцца дзеці мае —
Хутка іхняга ценю не знойдзеш.

Я трымаюся цудам
Між зямлёю цяжкою і небам.
Між травой і жарствой,
Паміж ноччу і днём.
На рабочай зямлі
Аж да скону
Хацелася б мне быць
I гарэць для людзей
Хоць малым.
Але толькі агнём.

Хлебаробы, ліцейшчыкі,
Творцы машын вылічальных,
Вам — адданасць мая,
I любоў,
I маё велічанне.
Соль зямлі
I святло вы,
Сумленнасць
Найбольшая ў свеце:
Толькі вы захавайце
Праўду,
I пушчы,
I рэкі,
I святыя сцягі...
Я аб дзецях, аб дзецях, аб дзецях —
Хай жа ваша дарога
Ім роднаю будзе навекі.

I пляваць мне,
Што сквапны хітрун
Нешта подлае выбрыкне
Ці які кар’ерыст
З плеткарамі за пляшкай заседзіцца.
А аб дзецях, аб дзецях...
А што, калі выбухне,
Над жывою зямлёю
Пякельнае сонца засвеціцца
I навекі пагасне?