На выспе «Беларусь» вы елі шашлыкі? Браты нам гэту выспу падарылі, На сушы смачным пловам замарылі — I вось мы пасярэдзіне ракі. А тут яшчэ прывязаны баран: Запас бяды не чыніць у імя братэрства. Ды грымнуў бубен, бухнуў барабан, Карнаі затрубілі па-майстэрску. Цудоўная ханум чарговы плоў варыла, А побач уздыхаў мясцовы вадзяны. Амудар’я жаўцела і вірыла, Каб даказаць, што не падобна да Дзвіны. Пасля квяцістых тостаў і забойнай ежы (Нас гнаў няспынна тамада узбекскі) Пры спёцы не палескай, — каракумскай, рэзкай Скакалі мы са спрытнасцю мядзведжай. Ну хоць бы што на выспе прарасло! Як добра сеяць прыязні насенне. А потым нас аднолькава трасло Ташкенцкае землетрасенне.