Пярун перажагнаў
Зялёнай бліскавіцай
I чорную жаўну,
I чорную крыніцу.
Пакуль шукала шлях
Аслепленае вока,
Я зразумеў: не страх
Прыйшоў ка мне, а вопыт.
Жагнала нас вайна
Нянавісцю і гневам.
З в’етнамскіх рэк яна
Не раз яшчэ махне вам.
Узводзіць цяжка мост,
А на звышбомбу — попыт.
I можа згінуць мозг
I чалавечы вопыт.
Усё запамінай...
I што спявае Сопат,
Ты слухай, выбірай,
Але не гэта вопыт.
Ты працаю трывож
I дружбаю сумленне
I вопыт рук памнож
На розум і натхненне.