Вечныя словы

 

Можа, гэта казка ці паданне
Нашай фантастычнае зямлі...
Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх
Скіфы легендарныя жылі.

Там былі і здрайцы, і героі.
Палявалі, сеялі палі,
Лаяліся лаянкай старою
I не менш, як мы, віна пілі.

Вечарам, калі на месяц мутны
Вылі старажытныя ваўкі,
Мудрыя вялі размову мудра,
Дурні — як і ў кожныя вякі.

Слоў раі пад зоры адляталі,
Гаслі, нібы іскры уначы,
Іх прасторы дзікія глыталі
I глушыла ветрам далячынь.

Толькі кажуць: не знікаюць словы,
Лётаюць заўсёды над зямлёй;
I людзьмі пахованыя мовы
Над табою кружаць, нада мной.

I часамі ў стэпах анямелых,
Калі толькі ты ды цішыня, —
Нечакана і незразумела
Мёртвыя размовы зноў звіняць.

Ты пачуеш плач, іржанне коней,
Спеў дзяўчат і ваяўнічы крык.
I калі ты чутае запомніш,
Зможаш неадкрытае адкрыць.

I з урыўка злоўленага сказа
Зробяць розум твой і пачуццё
Чалавечай праўдай, а не казкай
Скіфскае далёкае жыццё.