Не раве, не стогне Днепр шырокі,
Зоркі ў Кіеў па рацэ плывуць.
Думаю аб той, аб чарнавокай,
Хоць не знаю, як яе завуць.
Я не к ёй прыехаў на спатканне.
З Міншчыны, з далёкага сяла,
Да магілы Кабзара у Канеў
Песня Кабзара і прывяла.
Сэрца зберагло навек той вечар:
Недзе ў стэпах дзень спякотны гас,
За Дняпро глядзеў з гары Чарнечай
З думаю суроваю Тарас.
Ні пра што ні ў кога не пытаў я,
Прагна углядаўся ў краявід.
Юная настаўніца з Палтавы
Раптам заспявала «Заповіт».
Тонкая, чарнявая, з касою —
Пра такіх Кабзар пісаў не раз, —
Светлаю дзявочаю красою
Ты тады зачаравала нас.
А мяне за ўсіх, напэўна, болей...
Пра такіх пісаў ён? Можа, й так.
Ды тваю не параўнаеш долю
З доляй Кацярынінай ніяк.
Песню падхапілі мы і кручы,
З лісцяў кроплі падалі расы.
I панёс удаль Дняпро равучы
Нашы маладыя галасы...
З той пары успомню Украіну —
I ўсплывае вобраз кожны раз:
«Заповіт» пяе ў цішы дзяўчына
Над магілай слаўнай Кабзара.