Усемагутная эстрада,
Для моладзі ты цар і бог.
А для мяне ты ўжо не радасць,
Я ад цябе крыху знямог.
I я журыўся і смяяўся,
Калі спявалі «Песняры»
I пра Алесю, і пра Яся,
Пра тры дарожанькі ў бары.
Але найшла на сцэну пошасць,
I з мікрафонам у руках
Крыўляецца і скача пошласць...
Дзе зніклі вы, грымотны Бах,
I шчодры зорны Шастаковіч,
І дзіўны сонечны Равель?
Скажыце, што гэта такое,
Адзін сіпіць, другі раве
Нібы пра нас, а дапатопна:
То рэха шлягераў чужых —
I аднастайна, і падобна,
I пачынае мучыць слых.
Іх сёння тысячы — нахабных
Кляпальшчыкаў халтурных нот
I тэкстаў,
Ім бы толькі хапнуць
Ды мікрафон знайсці, ды рот...
А мы былі ўпартыя,
Спявалі песні, вартыя
Салдат і партызан:
Мы маладая гвардыя
Рабочых і сялян!