Усё б табе па сцежачцы,
Па роўнай ды сухой.
I вось паспеў нацешыцца
Ты роўняддзю між хвой.
А што ў глыбінях бору —
Цяпер не варажы.
Цябе ўзялі за горла
Крутыя віражы.
Пасеш між моху вочы,
Шукаеш белы грыб.
А дождж той мох не мочыць,
Ад смагі лес ахрып.
Кашы мае пустыя.
Папіць бы...
Мох пыліць.
А дзе крыніцы тыя? —
Паэты папілі.
Глынуць бы квасу з дзежкі,
Як некалі з Брылём.
Заблыталіся сцежкі —
То твань, то буралом.
Я думаў: будзе восень
Спакойнай...
Міражы!
У самы тлум заносяць
Крутыя віражы.