Упэўненасць

 

Адгрукаў гром. Адгаманіла лета
На мове зор малінавых і кветак.
Там, дзе гулі пшаніцы і жыты,
Стаяць снапы, як рыжыя браты.

Б’е жарабок падковай. Поўны воз
Гатоў адплыць да вёскі. Рып калёс,
I хлебны пах зямлі, і гэты вечар —
Гавораць мне аб шчасці чалавечым.

А неба сінь глыбокая, як вочы
Маёй любімай. Я павольна крочу
Туды, дзе гай спавіў зялёны дым
I птахі звоняць на усе лады.

Хусцінка белая мільгнулася і знікла
Паміж арэшын.
Любая, чакай!
Давай з табой паслухаем, як гай
Спявае песню нам на мове звыклай.

Прысядзем да бяроз. Мы маем права:
Багаты ураджай глядзіць з паважных коп —
Усё гэта брыгады нашай справа,
Мы вырасцілі хлеб сваёй рукой.

Тваю руку да сэрца прыкладу я:
Упэўненасць і радаспь б'ецца ў ім —
За нашую Радзіму маладую,
За скарб, які завём мы дарагім.

Чуваць, як дыша вераснем зара
Па ўсёй зямлі, што ў вечаровым дыме,
I добра нам маўчаць і пазіраць
На родны край вачыма маладымі!