Учора сэрца сціснула мне жалем...

 

Учора сэрца сціснула мне жалем,
Хоць звыкся з плачам і сірот, і ўдоў...
Між кветак душных у труне ляжала
Дзяўчынка васемнаццаці гадоў...

Бяры старых распусніц, цісні грудай,
Хапай бандзюг, бязносая карга.
А ты бярэш і маладых, і мудрых.
Ці, можа, пераблытана чарга?

Прырода, ты габлюеш слепа дошкі,
Абкрадваеш сябе ты і людзей.
Гагарын, Каралёў, Ландау, Твардоўскі
Былі на ўскрайку залатых падзей.

Прырода-маці, мы твая часцінка,
Ты нас да чалавечнасці ўзняла,
Расплаў ты абыякасці ільдзінкі,
Займей сумленне, што ты нам дала.