У зязюлі мне пытацца сорам,
Колькі год яшчэ я пражыву...
Сто гадоў у радасці і горы
Жыў я, не схіліўшы галаву.
Даваенных і пасляваенных...
Пасярод — гула, раўла вайна.
Навучыла горда і сумленна
Жыць да перамогі нас яна.
Выпаў мне тады білет шчаслівы,
Значыць, лёс памнож на тры разы...
Пасадзіў я яблыні і слівы,
Шмат зялёнай пахкай драбязы.
Не сабе,
А на зямлі братэрскай.
Дзе сяброў маіх узвод ляжыць...
Я гляджу на ўсё з высокай меркай
Той вайны.
I гэтак буду жыць.
I адно на сэрцы турбаванне,
Каб гарачай ядзернай пургой
Не змяло зязюлі кукаванне
І жыццё дзяцей зямлі маёй.