Бразгату трамвайнага не чую.
Адпачынак. Скончан доўгі шлях.
У гумне на сене заначую,
Цэлы месяц буду у гасцях.
Маці з шафы дастае настольнік
Самы лепшы, сэрцу дарагі.
Пад гарой аладак гнецца столік,
І смятаны — аж па берагі.
Я ніколі так не еў са смакам,
А матуля крыўдзіцца: «Зусім
Ты маіх аладак не ясі».
I гатова, любая, заплакаць.
Хлебны квас каштую з поўнай дзежкі
I у лес іду знаёмай сцежкай.
На мяне глядзіць хваёвы край
З хітраю усмешкай: «Пазнавай!»
Як жа не пазнаць!
Слядоў маленства
Дождж не змыў,
Вятры не замялі.
Мы не раз у гэтым самым лесе
Набіралі набіркі малін.
Як даўней, звініць на клёнах лісце
I дзятлы малоцяць, як калісьці.
Толькі ельнік, што намок ад рос,
Я за восем летаў перарос.
Сабяру сюды сягоння хлопцаў
Тых, з кім бульбу пёк асеннім днём.
Раскладзём агонь мы тут з ядлоўцу
I маленства песняй памянём.