У каго рана большая —
У таго і боль большы.
Песня старадаўняя
Енчыць у вушах.
Езджу па Польшчы,
Хаджу па Польшчы —
I захлынаецца
Гаркотай душа.
Тут кожны касцёл —
Як вогненны, стог,
I я баюся, Польшча,
Наступіць на твае сляды,
На твой крык,
На твой стогн,
Варушыць горкі попел
Тваёй бяды.
У вас, як і ў нас,—
Каля кожнай дарогі магілы...
А Вісла ўсю копаць глынула,
А памяць не змыла,
У мора занесла
I стогны, і пыл ад віхураў...
Спявае Варшава,
Спявае Зялёная Гура.
Не знаю, каму
Прашаптаў я:
Хвала вам і слава!
I болей ні слова
Пра гора, пра раны старыя...
Бо я закахаўся
У цябе, маладая Варшава,
I ў песні пра Віслу,
I ў пані Радовіч Марылю.