То ў надзеях, то ў скрусе
Безаглядна жывеш.
Нібы конь той, па крузе
Усё ідзеш і ідзеш.
Іншы раз ірванешся —
Па гаючы глыток
Паляціш.
Спадзяешся:
Будзе новы віток.
Спадзяешся і верыш,
Што наперадзе ёсць
I паэзіі неруш,
I сама маладосць.
Мы штодня сабе хлусім...
Ну, а ісціна дзе ж?
Нібы конь той, па крузе
Усё ідзеш і ідзеш.
Дні імчацца імкліва,
Не шкадуючы сіл,
За апошні маўклівы
Свой зямны небасхіл.
Я не веру у цуды,
I туга не грызе...
Я развеяны ўсюды
Па шматку, па слязе.
На дарозе суровай
Недзе там, за табой,
I ласкавыя словы,
I пякучы мой боль.
Было шчасця не многа.
Больш агонь ды бяда...
Не шкада мне нічога?
Усяго мне шкада.