У дарозе

 

Знікла цішыня, і на дарогу
Сыплюцца удары конскіх ног.
Едзем паўз бярэзнік беланогі,
Што ў расе на досвітку прадрог.

Не паспелі мы нагаварыцца,
А ўжо птушкі першыя звіняць.
Заспявай і ты, мая сястрыца,
Песню надыходзячага дня!

Спаць зусім не хочацца. А росы
Паліваюцца святлом, зірні!
Я такі святочны, нецвярозы
Ад тваіх усмешак, як зарніц.

А табе няхай сабе здаецца,
Што ад свежых подыхаў лугоў,
Ад гамонкі гаю... Маё сэрца
Поўна аж да самых берагоў.

Што ж ты не спяваеш? Задрамала?
Ціха, гаю, ціха! Можа, зноў
Ёй прысніўся горад, бо нямала
Светлых думак у яе і сноў.

Вось і промень першы залаціцца,
Каб твой сон юнацкі абагрэць.
Хутка горад. Спі. А я, сястрыца,
Песеньку паціху буду пець.