У «Спідале» равела.
Рыкала і раўло.
Хацелася Равеля
Паслухаць «Балеро».
Прыглушаны, аднекуль
Прытупаў ён здалёк,
Чыгунны поступ веку,
Жыцця вярблюджы крок.
I не заглушаць бітлы
Іспанскі той напеў:
У ім зародак бітвы
I нераскуты гнеў,
Бясконцыя прасторы
I вечны, вечны рух,
Далёкі голас гора,
I сіла дужых рук,
I гордае каханне,
Агонь і маразы,
Пустыні калыханне,
А ў далях — міражы.
Нідзе няма прывалу,
А бубны б’юць: «Хутчэй!»
I небасхілу мала,
I сонца ўсё ярчэй.