Такі наш век: не падай у знямозе! Жыві між бур, маланак і трывог. Ў дарозе я, а ўжо ў маім абозе Тры тысячы маткоў зямных дарог. Хоць тысячы цудоўных небасхілаў Я перасек і ўбачу шмат другіх, Пра небасхілы бацькаўшчыны мілай Не мог нідзе я думаць без тугі. Як соладка да іх мне прабівацца Праз зараснік дажджу і бліскавіц. Як добра сонцам родным упівацца, Духмяным сокам вішань і суніц. У мора улюбляюцца, і ў горы, I ў мёртвыя пустыні, і ў пяскі. А я люблю сінь неба па-пад борам, Світанняў залатыя паяскі. Блукаў па свеце, як па джунглях цёмных. Быў самым светлым дзень мой там, калі Купаўся я ў заліве з негрыцёнкам Ля вольнае гвінейскае зямлі. Няхай мяне пустыя снобы лаюць, Што зноўку я ў рыторыцы паграз. Я сто разоў пісаў і паўтараю: Жыць чалавеку добра толькі ў нас. I мне шкада людзей тых слепаватых, Што вераць, быццам за марамі лепш. Зямля мая, сама ты вінавата, Што лёгка многім свой даеш ты хлеб. Я твой увесь, ад сэрца да пазногцяў, I горла сам таму перагрызу, Хто кіне на цябе хоць кроплю дзёгцю, На гонар твой, магутнасць і красу. Служу табе, пакуль хапае сілы, Скупым не стану нават і стары. А тысячу апошніх небасхілаў Я людзям рад сягоння раздарыць.