Цішыня

 

1

Дні бываюць такія пакутныя:
Застаешся чамусьці без сіл.
Ты садзішся хутчэй на папутную
I ўцякаеш за небасхіл.

Па шашы на трохтонцы калоцішся.
Прыязджаеш. На ганку сядзіш.
Цішыня выплывае з калодзежа,
Туманом расплываецца ціш.

Ты даўно сюды ў госці запрошаны.
Сёстры пояць цябе малаком.
Падрастаюць гаі тут харошыя
Пад наглядам адных аблакоў.

Нацягаешся, наблукаешся
Між зялёнай густой цішыні.
Ты расчулены. Нават каешся,
Што раней не бываў у радні.

Скваркі смажацца. Смех і гамонка.
Мёд, як сонца. Чаго ж не стае?
I падпольная самагонка
Сарамліва ўстае на стале.

2

Тонкім голасам кнігаўкі жаляцца,
Асыпаюцца ў мох суніцы.
Набліжаецца, набліжаецца,
Набліжаецца навальніца.

Я ляжу на ўзлессі на пожні
Між сасной і вярбою.
Стала ціха наўкол і трывожна,
Так бывала заўжды перад боем.

Скалануўся ад горкае думкі:
На траве многа летаў назад
Тут з вінтоўкай ляжаў і падсумкам
Наш ці іхні забіты салдат.

Нават стогны яго я пачуў
I хрыпаты гарматны грукат...
То ідзе навальніца,
I ляпаць пачаў
Дождж мяне па плячы, быццам друга...

Не, няпраўда, што плача па мёртвых дождж.
Гэта байка паэтаў.
А плачуць ад сілы
Ну адна, можа, дзве... ды хто-небудзь з удоў...
I па мне маці раз у вайну галасіла.

3

Смачна спіцца на пахкім сене...
Толькі скуль гэты жудасны гул?
Вадароднае землетрасенне!
Я усхопліваюся і бягу.

Хаты змецены. Курчацца коні.
Я бягу па агрызках дарог.
Вецер хмары барвовыя гоніць.
О зямля, я цябе не збярог.

Дзе вы, дзеці мае? Дзе ты, пожня?
Дзе ты, гай мой у сіняй расе?
Толькі кнігаўкі крык апошні
Даляцеў і сэрца рассек...

Прачынаюся. Навальніца
Ўсё бушуе і слепіць свет.
Да магілы вайна будзе сніцца
Папярэджаннем будучых бед.

Цішыня мне здалася пакутнай.
З гэтых слаўных і ціхіх дуброў
Уцякаю на першай папутнай
Да трывог, да дзяцей, да сяброў.