Цагліна з дома Паўлава

 

Яе прывезлі слаўныя майстры
З вялікай Волгі, з горада герояў
Для Беларусі, роднае сястры,
Гарачай будаўнічаю парою.

Той момант сэрца кожнага крануў —
Наш добры госць, з харошым тварам муляр,
Умураваў цагліну у сцяну,
Каб новы дом віхуры не садзьмулі.

Замоўк на міг шумлівы горад мой,
I сонца засвяціла ярка, ярка,
Калі рука злучылася з рукой
У поціску, як дружбы нашай арка...

Заселены даўно высокі дом.
У хвілю вольную ці як агорне скруха,
Вясной і восенню, і раніцай і днём
Адведаць я люблю яго, як друга.

Расхопяць вокны золата зары,
Гудкі, каго патрэбна ім, паклічуць, —
I ў гэты час выходзяць жыхары
З рабочым заклапочаным абліччам.

Прыйду пазней — другі, больш чынны лад,
Машыны тут спыняюцца з разгону...
Жыве наш дом!
I я ад сэрца рад
Яго гамонцы, песням, смеху, звону.

I сочыць рэўнасць смешная мая,
Каб жыхары жылі тут бездакорна:
Дом Паўлава пад Волгай бачыў я.
Дом Паўлава — паранены і чорны.

Хачу, каб не забылі тут яны
У тлуме быту, у турботах працы
Далёкі гул і блізкі гул вайны
I поціск рук мінчан і сталінградцаў.

Я б шыльду залатую тут прыбіў,
Каб памяць абыякасці пазбегла;
Я дзецям бы ўсе вушы пратрубіў,
Якая ў іх сцяну цагліна легла.

Хай непагадзь, хай град у твар, хай гром,
Не стоміцца мой верш звінець і радзіць, —
Каб бераглі свой дом, свой светлы дом,
Як Паўлаў свой бярог у Сталінградзе.