Тры дні з упартасцю тупою...

 

Тры дні з упартасцю тупою
Ліў дождж на лес і сенажаць.
Ад нечаканага запою
Зямля не можа ачуняць.

Туман. Раса шукае выйсця —
Стрывожаная вецярком,
З пажоўклых жылкаватых лісцяў,
Нібы з далоняў, лье цурком.

Акопы нашыя размоклі,
I адсырэлі сухары.
I птушкі на сяброўскі вокліч
Не адгукаюцца ў бары.

Што нас катуе дождж пракляты,
Яшчэ, як кажуць, паўбяды.
Але сумуюць аўтаматы —
Не бачаць фрыцаў з-за вады.

Мы ўжо клясці хацелі восень
I чорную навалу хмар,
Ды неба ў пяць гектараў просінь
Нам падарыла. Добры дар!

I вось грыміць ужо пад гаем
Агонь і часты і густы.
Куды ні ступіш — пад нагамі
Дымяцца жоўтыя лісты.