Я першы раз пачуў твой смех На ціхай тапалінай сцежцы. Бялюткі пух, як цёплы снег, I цэлы свет — твая усмешка. Ты — зорны тапаліны сон, Мне ноччу кожнай сніцца ён. Мне мала сноў, Ты знікла зноў, На зямлі Сумны звон тапалёў. А лівень падае ў траву, Твой лёгкі светлы след змывае. А я адной табой жыву, Адну, адну цябе кахаю. Пах тапаліны на губах, Ты ўся, як тапаліны пах. Зямлю прайду, Цябе знайду. Не згублю. Бо цябе люблю. Не страшны боль, не страшна смерць. Страшней застацца без кахання, У адзіноце анямець, Любімай не пачуць дыхання. Прашу: заўсёды будзь са мной Вясной, і летам, і зімой. Я разганю тваю бяду I з табой Па жыцці прайду.