Тут просты шлях да самае Масквы.
Абломкі шпал, варонкі ды ірвы...
Адбіта семафорава рука.
Вакзал пусты, як чэрап мерцвяка.
Дождж ападае стрэламі на дах,
Чуваць хаўтурны звон падраных блях.
У калідор, у залу нацякло,
Як светлы жвір, раструшчанае шкло.
На мыліцах стаіць маўклівы дзед,
Чакае на Маскву узяць білет.
Не ведае, не ведае стары,
Што адышоў цягнік апошні на зары.
А ўнук яго з вінтоўкаю залёг
За вадакачкаю, на ростані дарог.
Чакае дзед. I чуе ён здалёк
Цяжкі і незнаёмы нечы крок.
Прасунуўся у дзверы аўтамат,
За ім улазіць насцярожаны салдат.
Вакзал пусты. I раптам злосны крык
Ударыўся у вокны: «Бальшавік!»
На крык прыходзіць тлусты афіцэр,
Бярэ сівога дзеда на прыцэл.
З усмешкаю націснуў ён курок —
I адляцелі мыліцы убок.
Ідзе да вадакачкі афіцэр.
Бярэ унук забойцу на прыцэл.
Кароткі стрэл — і рыжы кат асеў.
Так пачынаецца народны гнеў.