Сягоння не засну...

 

Сягоння не засну...
Мяне так дзіўна хваляць,
Як спелую сасну,
Якую хутка зваляць.

Сумую я па тых,
Што згаслі, нібы свечкі.
А тут і б’юць пад дых
З усмешкаю, па-свецкі.

Там свечак не было,
Свяцілі нам ракеты.
Сляпіла і гуло
Усюды без прасвету.

Успомню тых людзей —
Гатоў хвастаць па мордзе
Таго, хто бой вядзе
З-за імпартнай камоды.

Такому не відно
Красы зямнога шара.
Ён верыць у адно:
Манеты ўсё рашаюць.

Я іншай веры сам:
Бліжэй было б да шчасця,
Каб удалося нам
Хутчэй суняць мяшчанства.