Грымяць, грымяць святочныя салюты...
I феерверкі зырка рассыпаюцца,
I дзетвара да батарэй збягаецца,
I смех, і крык на кожнай плошчы люднай.
А мне заўсёды страшнавата робіцца.
Як неба засцілае дымам шызым.
I жаласна звіняць у вокнах шыбы,
I нечыя матулі сумна горбяцца.
Руіны пад асфальтам ціха стогнуць,
I прывіды мінулага ўстаюць,
I б'юць гарматы ў маладосць маю,
I вусны ад пякельнай смагі сохнуць...
Вам весела, шчаслівыя дурніцы,
Вас цешаць халастыя перуны,
А я ўвесь век нясу ўсё ад граніцы
Трывожныя калючыя зарніцы,
I плач, і хрып, і грукаты вайны.
Нявесела, як сто гармат бабахне...
Нясцерпна горка гарадам згараць,
Нялёгка і героям паміраць,
I кожны подзвіг кроўю душна пахне...
Сябры мае,
Прашу цішэй паліць:
Зямлі яшчэ баліць.
I мне баліць.