Сустрэча з Вільняй

 
1
Працуеш, спрачаешся, ходзіш, жывеш,
Стаіш у чарзе за пайком
I раптам няскончаным кідаеш верш
І свой абыдзённы дом.
Захопіш блакнот, папяросы, ручнік,
Ускочыш на грузавік;
Пакінуўшы цень у люстэрках вітрын,
Мінуўшы піўныя ларкі,
Нырнеш з галавой у густыя вятры,
У мора бяроз і ракіт.
I стане адразу душа маладзей,
I сэрца заб'е гарачэй.
I, ўбачыўшы першы наіўны ручэй,
Адчуеш сябе шчаслівейшым з людзей.
Дарога ляжыць для цябе аднаго.
I сонца гарыць для цябе аднаго.
Ты весела дзівішся кветцы малой,
Як літары першай у школе,
I пэцкаеш пальцы салодкай смалой,
Сарваўшы галіну з таполі.
Прасторна, зялёна і хораша так,
Што ты, маладосцю багаты,
Глядзіш абы-як на раструшчаны танк
I з хваляваннем на новыя хаты.
Не шкода ні сіл, ні крыві, ні гадоў,
Што недзе на фронце пакінуў,
Абы толькі бачыць між ніў і садоў
Вось гэткай шчаслівай краіну.
Імчышся па звону сякер і бяроз,
Па травах, расе, пілавінню, —
Пакуль разматае клубок доўгіх вёрст
Твой шофер маўклівы і скажа: «Прывёз!»
I ты апынешся у Вільні.

2
Уражанням гэткім ніколі не выліняць,
Як зорам не выліняць і праменням.
Даволі сказаць мне, што бачыў я ў Вільні —
I шапкі вы здымеце ад захаплення.

Тут збеглася многа дарог і стагоддзяў,
Трагедый, і славы, і ярасных спрэчак.
Тут нашы народы — суседзі знаходзяць
Свае успаміны і прадзедаў рэчы.

Вось дом, дзе Мамоніч наладзіў друкарню.
Тут «Нашая Ніва» цвіла. Вунь «Лукішкі»,
Дзе ў песні надзей белапанскія карнікі
Кулямі білі з турэмнае вышкі.

Вось плошча, якая адна памятае
Апошні удар Кастусёвага сэрца.
Вось Вострая Брама, па казцы — святая,
А там Вілія пад мастамі нясецца.

Над ёю, як нейкаму богу падзяка,
Гара з Гедымінавым замкам ўзнялася.
Сюды на экскурсію Коласаў дзядзька
Ў мінулым стагоддзі, як я зараз, лазіў.

Слядоў тут нямала пакінуў народ наш,
I кожны у Вільню ўлюбёны па праву —
Літоўцы завуць яе песняю роднай,
Сваёю сталіцай, і сэрцам, і славай.

Не будзем спрачацца за камні і вежы:
Мы звязаны дружбай і доляй супольнай.
Аб нашай і вашай пішу свае вершы,
Аб Вільні вялікай, бяссмертнай і вольнай.

Стаў родным і будзе да скону гадоў мне
I воблік яе незабыўны і колер.
Я здолеў бы выдумаць горад цудоўней,
Але вось такі, прызнаюся, ніколі.

3
Ледзь занімаецца зара,
Гудкі яшчэ маўчаць.
Я ўстаў і вырашыў: пара
Мне Вільню вывучаць...

Гадзін пятнаццаць вывучаў.
Ды крыўдна за адно,
Што горад з раніцы пачаў
Вадзіць мяне за нос.

Як толькі спадзяваўся: ну,
Тут, пэўна, цудаў шмат, —
Мне Вільня ставіла сцяну —
Гані хутчэй назад.

Калі ж я думаў: тут нуда,
Зноў нейкая сцяна,
Якую шыр, якую даль
Паказвала яна.

Як прыгажуня, пакрысе
Свой раскрывала твар
I абяцала: шчэ не ўсе
Табе паднесла ў дар

Свае я цуды. Сам бяры,
Не злуй і не гаруй...
Ляпей за ўсё відаць з гары —
Палезу на гару.

Мінуўшы тысячы аркад,
Дзе рэха, нібы гром,
Убачыў: пеніцца рака.
Выдатны вадаём!

Над ёй гара. Узлез. Вось тут
Жыў знаны Гедымін.
Ну й будаваў. Сцяна — з вярсту
Утоўшч. Нібы ад мін

Ці бомбаў думаў захаваць
Мінуўшчыну сваю. 
На вежы, што зусюль відаць,
Як Гедымін, стаю.

А навакол такі прастор!
Ды разбірае злосць:
Касцёлаў, цэркваў, пэўна, сто
На дзвесце вуліц ёсць.

I хоць няма да іх мне спраў,
Але глядзі, не злазь —
Дзе Пётра I будаваў,
А дзе літоўскі князь.

Вунь Трохкрыжовая гара.
І як ты ні кружы —
На ёй пад промнямі гараць
Дакладна тры крыжы.

Гатычных вежаў не злічыць,
Таму й здалося мне,
Што Вільня мірна, ціха спіць
Ў гісторыі на дне.

Але ўсё гэта толькі зман
I мімалётны сон:
Растаў мінуўшчыны туман
Пад сонцам нашых дзён.

Яно аднолькава гарыць
Над Вільняй і Масквой.
Мае літоўскія сябры
Абновяць горад свой...

Ну, думаў, вывучыў дарэшт,
Ды трапіў у Закрэт.
I Вільня з гэтых слаўных мест
Раскрыла зноў сакрэт.

Такіх магутных гонкіх хвой
Нямнога на зямлі.
Адна дастала галавой
Да сонца. I плылі

(Я падлічыў) сто дзесяць хмар
Паміж яе галля. 
Раскошы гэтакай няма,
Відаць, і ў караля.

Бо з ласкі шчодрае зямлі
Тут кожны атрымаў
Па сто хваін, па дзесяць ліп,
Па мору чыстых траў.

Рака імкнецца у прасцяг,
Свідруючы віры.
I я убачыў зноўку сцяг
На Замкавай гары.

А Вільня нейкі ўжо другі
Паказвала свой бок,
Яшчэ больш слаўны, дарагі.
Прыгожа, далібог!

Глядзіш і верыш: на зямлі,
Усім скептыкам на злосць,
Мадагаскар і Самалі
Абавязкова ёсць.

4
Вулка вузкая, крывая,
Запалоненая бэзам.
Тут вільнянка пражывае.
Значыць, стой, машына. Злезу.

Гэтак чыста, гэтак ціха,
Чынна, сонна, старажытна,
Хоць ты рухайся на цыпках,
Грукнуць ботам сцеражыся.

Хмель на сценах. Бэз калматы
Мірна свеціць на гародах.
Тут бы нашым добрым маткам
Дажываць сівыя годы.

Толькі мне не зразумела
(На цябе ледзь не абуран),
Як сюды ты заляцела
Са сваёй натурай бурнай.
 
Мне б у дзверы стукнуць моцна,
Каб хутчэй ты з хаты выйшла,
Толькі боязна спалохаць
Старамоднае зацішша.

А сустрэўшыся са мною,
Ты зламала ўсе законы
Праснаватага спакою,
Ідылічнасці зялёнай.

Ці ад слоў тваіх гарэзных,
Ці ад выразаў дасціпных —
Праяснелі вочы бэзу,
Хаты ў цень адбеглі сціпла.

Уступіла месца зорам
Па сваёй ахвоце сонца.
Загадала ноч: у горах
Салаўям спяваць бясконца...

Я не знаю, ці кахаю.
Пэўна, не. Але тады
Паблукаў я побліз раю
Першы раз за ўсе гады.

Мне б сказаць табе той ноччу
Нешта шчырае да мукі;
Цалаваць да болю вочы,
Вусны піць і лашчыць рукі.

Ды таму, што месяц таяў
Вельмі соладка ў тумане
I былі усе дэталі
Запазычаны з раманаў,

А пейзаж начы класічнай
Выхваляўся добрым густам, —
Па сваёй звычайнай звычцы
Гарадзіў я толькі глупства.

Нам, напэўна, не спаткацца,
Ды яно і не патрэбна.
Толькі душны пах акацый,
Сонны шолах ліп і вербаў
 
Адгукнецца, знаць, у вершах
Невыразнаю тугою...
Быць табе з другім і лепшым,
Быць мне з горшаю, з другою.

5
Я сто гадоў не ездзіў па рамізніках
I думаў: яны здадзены ў музей.
Ды давялося вось: мяне вязе
Кульгавы конь, якому сена трызніцца.

Вазніца, хваравіты і стары,
Змрок сцёбае ляніва чорнай пугай.
Ледзь-ледзь падзьме —
                                  і сыпяць белым пухам
Каштаны на скупыя ліхтары.

А Вільня спіць. Падковы гулка цокаюць.
I мне здаецца, быццам еду я
У той даўні век, калі яшчэ Баян
Пускаў пад зоры стаю песняў-сокалаў.

6
Не трымаю у сакрэце
(Кроў хвалюецца у жылах):
Над Віллёю у Закрэце
Мне цыганка зваражыла,

Быццам я дзяўчыне нейкай
Абяцаў багацця рэкі,
А на справе — ручаіны
Я не вырыў для дзяўчыны.

I цяпер дзяўчына тая
Па грыбы ў адчаі ходзіць.
Далібог, не памятаю
Я аб гэтакай прыгодзе.

Наманіла ты, цыганка,
Пра мяне. У кожным разе,
Я падобнай абяцанкай
Шчэ нікога не абразіў.
 
І навошта казкі тыя
Плесці мне? З якою мэтай?
Што мне горы залатыя?
Што мне рэкі дыяментаў?

Не імкнуўся я ніколі
За багаццем хіжа гнацца.
Усяго ў мяне даволі:
Цэлы свет — маё багацце.

А як сыдуцца дарогі
З той, адной, у добры ранак, —
Пасцялю я ёй пад ногі
Пер'е райскае маланак.

Я аддам святло ёй зораў,
Салаўіны голас лесу,
Пах язміну, цвет чабору
Ды ў прыдачу — кайстру песень.

7
Аб гэтым вясноваю ноччу прысніцца,
Пракоціцца ў памяці песенным рэхам.
На віленскі бэз, на віры, на званіцы
Цярушацца зоры рубінавым снегам.

Мне заўтра на золаку зноў у дарогу.
Пара адпачыць, ды чамусьці не спіцца.
Праўдзіваю думай, няяснай трывогай
Хацеў бы я, Вільня, з табой падзяліцца.

Заўсёды, як гляне даўніна сівая
У вочы, нібыта настаўнік суровы,
Свой сэнс першародны тады набываюць
I фарбы, і гукі, пачуцці і словы.

Мне дзён не ставала зрабіць справаздачу,
А тут я падумаў: як зроблена мала.
Прайшла маладосць вадаспадам гарачым,
Гады прашумелі нястрымным абвалам.

Я шчодры і буду такім да магілы,
I ўсё ж адчуваю: бясконца ўсім вінен. 
Ці ўдасца стварыць мне, паклаўшы ўсе сілы,
На радасць людзей хоць маленькую Вільню?

Шчэ многа пабачыць мне суджана свету,
Але застанешся ты ў сэрцы адзінай —
Затканая зорамі, лісцем і цветам,
Пявучая Вільня — літоўскае дзіва.