Старым партызанам

 

Таварышы партызаны,
Пабыць вам патрэбна ў баях.
Забудзьце на тыдзень пра раны,
Забудзьце пра старасці страх.

Выносьце са слаўных музеяў
Свае баявыя сцягі,
Выносьце сцягі у завеі,
Выносьце сцягі у снягі.

Хай пройдуць за вамі унукі
Маршрутамі доўгіх сцяжын —
Без вашай блакады і мукі,
Без куляў, гранатаў і мін.

Ім, юным, цяпер неабходна
Не святаў парадная медзь:
Ваш подзвіг
I вашы паходы,
Калі вы хадзілі
На смерць.