Стары знаёмы

 

З ім пазнаёміўся я ў Энску
За год да гэтае вайны...
Спяваў на сцэне млява Ленскі
Пра залатыя дні вясны.

А ён, укормлены, ружовы,
У асалодзе анямеў,
I выгляд крышачку маржоны
У гэты час сусед мой меў.

Калі ж заціх далоняў плёскат,
Пагардліва скрывіў губу:
— Нішто... А ўсё-ткі не Казлоўскі
I развітаўся: — Я бягу!

I ўжо, здавалася, не рады
Ён быў канцэрту, аж сцямнеў:
— Гарым, браток, ізноў нарада
У адзінаццаць у мяне.

I сапраўды — з яго канторы
Трохпавярховай да зары
Валіў казбечны дым угору
I словы чуліся: — Прарыў!

— Мабілізуемся і штурмам
Любыя крэпасці змяцём! —
Суседа голас гнеўны, бурны
Быў за вярсту усім чуцён.

Зжаўцела белая папера,
Завяў пракураны актыў,
А ён грымеў:
— Заўжды наперад!
— На прыступ, слаўны калектыў!

I так заўсёды і усюды
Званіў без стомы гэты друг:
Пра торф і пільнасць, пра пасуду,
Пра партвучобу і пра друк.

— Не страшны нам любыя войны!
I тут прамоўца закрутляў.
I да дванаццаці спакойна
У ціхай спальні гучна спаў.

I без яго ў ягоным трэсце
Рабілі посуд і мяшкі,
Жакеты, цацкі, ложкі, крэслы
I першамайскія сцяжкі.

А слава ліпла: — От прамоўца!
Такі нідзе не падвядзе.
Мужык што трэба — свойскі, моцны.
Паможа кожнаму ў бядзе.

Ото душа! Ото начальнік! —
Так падхалімы кожны раз
Хвалілі, соладка гурчалі
І грошы мірна кралі з кас.

Калі ж з заходніх цёмных даляў
Прыйшла вайна, ён раптам знік.
Яго шукалі і гукалі,
Дабро, заводы ратавалі,
Яго ж у тыл адвёз цягнік.

Усю вайну не то ў Уральску,
Не то ў самой Алма-Аце
Прамовамі ён зноўку бразгаў
I на паседжаннях пацеў.

І падхалімскае майстэрства
Яго вяло. Пасля вайны
Вярнуўся ў Мінск і ў міністэрстве
Пралез у важныя чыны.

Ён слаба ў тэхніцы кумекаў,
Памылкі зразу прызнаваў.
I ашчаджалі чалавека
Ад рэзкай крытыкі і спраў.

У кабінеце быў харобры,
Крычаў, што рэжуць без нажа.
— А як рабіць?
— Рабіце добра.
— А што рабіць?
— Ды паднажаць.

Пра прэміі, пра дачу марыў.
Стагнаў, што змогся ён ад спраў,
I праўда: ліўнем цыркуляраў
Ён прадпрыемствы заліваў.

Ён сват, ён брат, ён друг твой старшы.
А сем'янін — слыло — які!
Але чамусьці сакратаршаў
Мяняў часцей, чым пінжакі.

Казаў: — Я оперы аматар.
А каб лічыліся больш з ім,
Прайсці тры крокі да тэатра
Ён не хацеў. Падайце «зім»!

Не так яго краналі спевы,
Як тое, што усім відзён,
Сачыў, калі у ложы левай
У ладкі білі, — біў і ён.

Дружыў з памочнікамі ўсімі,
Начальства звычкі добра знаў.
Артыкулы уласным імем
Падпісваў, хоць не сам пісаў...

З яго нідзе не будзе толку,
Ды нехта раз пажартаваў:
— Паслаць яго ў калгас, бо столькі
Ён сам жа ўсіх агітаваў.

I божа мой! Як ён заные,
Як заскуголіць, небарак:
— Я не магу... гіпертанія...
І падазрэнне ёсць на рак...

...Я б не патраціў столькі слоў
На верш, каб толькі цвёрда ведаў,
Што ўжо такіх вось дармаедаў
З усіх прагналі устаноў.