Жыў доктар у нашай мясціне. Няма ўжо такіх дактароў: Паставіць ён банькі ці п'яўкі — I заўтра ты жыў і здароў. Дарадчык, суддзя, павітуха, Мужыцкі сівы кастапраў, Ён ведаў душу кожнай хаты, Сакрэты ўсіх кветак і траў. Не быў прагавіты на срэбра I жыў беднавата, дзівак. Дзе іншы урваў бы чырвонец, Ён браў сарамліва пятак. Бурчаў ён на гразь, забабоны, Ды вельмі тут не пакрычыш: Няўроды, пажары... А сохі Ламаюцца аб карчы. На п'яніц вясковых сварыўся, З галечай людской не мірыўся, А там пастарэў, занядужаў, Ад працы бяссоннай змарыўся. Пастукала смерць да старога... А доктар, раней чым сканаць, Паспеў запаветнае слова Мужчынам старэйшым сказаць: «Ля вёскі мяне пахавайце, На горцы, дзе белы бярэзнік; Пастаўце мне крыж на магіле Высокі-высокі, жалезны...» Памёр без пакут ён, і людзі Маўкліва схіліліся ў горы. Прыйшла на хаўтуры ўся воласць, I плакалі бабы уголас: «Бывай, наш вялікі заступнік, Ты быў справядлівы і чэсны...» Сяло на магіле яго Паставіла крыж высачэзны. I дзіва! З вясны той журботнай Пажары у вёсцы звяліся, Хоць грукаў пярун і маланкі Ляцелі з падвоблачнай высі. Пра цуд разышліся легенды, I мала хто знаў у народзе, Што крыж навальнічныя беды Ад стрэх саламяных адводзіў; Што мёртвае сэрца Людзей, як жывое, любіла, Агонь на сябе выклікала, Маланкі ў магілу лавіла.