Сэрца маё

 

Пастукала сэрца
У клетку грудную:
— Мне сумна у клетцы,
Ты чуеш?
— Чую.

Чаго, неспакойнае,
Ты захацела,
Чаго, непакорнае,
Ты затрымцела,
Сэрца маё?

— Як быць мне з пакутай,
З тугой пякучай,
Калі я прыкута
Да той, пявучай
Дзяўчыны?

Ты мне пра радасць,
Я — ва ўспаміны,
Ты — на нарады,
Ты — на парады,
Я — міма, міма...

— Той колас зжаты.
То не каханне,
То зорак жарты
I калыханне
Начнога лісця.

Сябе любіла,
Сябе ляпіла,
Высокі церам
З другім купіла.

Яе сяброўства —
Нібы бяроста:
Успышка. Цемра.
Ні зор, ні церама.

Маўчы лепш, сэрца.
А будзеш гэткім —
Зламаю рэбры,
Выпушчу з клеткі.

Ідзі, бадзяйся
За ёю вечна,
Я ж застануся
Лепш бессардэчным.

Што? Жыць без сэрца
Не маю права!
Мне не дазволяць
Людскія справы,
Людскія вочы,
Людская вернасць.

Глядзі без суму
На свет бязмерны,
Грымі ў прыбоях
Без перабояў,
Сэрца маё.