Сэрца

 
Маё малое сэрца абмывае
Крывёй гарачай мужныя пачуцці
Нянавісці пякучай і любві.
Нянавісці, што думкі праясняе,
Стаіць на варце чыстай маладосці
I, ўбачыўшы пагляд вачэй хлуслівых,
Трывожным звонам голас падае.
I чым мацней расце мая нянавісць,
Тым гарачэйшай робіцца любоў.
Хаджу я з ёю па лугах і пушчах,
Гляджу на ўсё у радасным здзіўленні —
Як ластаўка гняздо старанна лепіць
I як шчупак ў затоне ломіць аер,
Як дзед-садоўнік беліць ногі вішням
I песню пра Купаліньку пяе;
Як вечарамі зоры паміраюць,
Каб нарадзіцца на світанні зноў.
Шматфарбны свет
                            ў мае ўваходзіць знічкі,
Каб акунуцца у крыніцу сэрца
I песняй непаўторнай празвінець.