Самападман — такі занятак,
Што ён жыве ўжо шмат вякоў...
Мы перабольшваем занадта
Свае нянавісць і любоў;
Свае імкненні, дружбу, шчодрасць,
Свае бадзёрасць і тугу;
I светласць нечую, і чорнасць,
I цішыню, і грозны гул.
Свет, ён пявучы і хрыпучы,
Ён і брудней, ён і святлей.
I смех маіх малых унучак
Бывае мне за ўсё важней.
Спазнаў, гадамі перацёрты,
Жыццё — работа, не парад;
Яно прыцісне — і пяцёрцы,
Кавалку хлеба будзеш рад.
I недарэмна мне ён сніўся,
Той некрыклівы чалавек,
Што раўнадушна не прабег,
Каля бяды маёй спыніўся.
Я не зарыўся, не схаваўся,
А проста збег ад мітусні.
Я ад абстракцый адцураўся,
Ад непатрэбнай балбатні.
Бясконцых спрэчак недарэчнасць...
Лепш да людскіх, звычайных спраў,
Каб ажыла ізноў спрадвечнасць
Вады і хлеба, дрэў і траў.