Салодкі лубін

 

Ад Оршы да Смаргоні
Палеткі зацвілі.
На ўсю зямлю гармонікі
Каханне прывялі.

Дзяўчаты нашы любяць
Ладоў задумны ўсхліп.
Цвіце салодкі лубін
Ля прыдарожных ліп.

Пад зорныя навесы
На ростані шляхоў
Спяшаюцца нявесты
Да сціплых жаніхоў.

Жаніх, ён сціплы, сціплы,
Ды можа забуяць,
Нібы мядзведзь той, сцісне,
Аж грудкі забаляць.

Ах, шэпат той шалёны,
Стары людскі сакрэт...
Спрадвечныя шаблоны,
Адзіныя шаблоны,
Што ўсім даруе свет.

А небакрай памечаны
Зарой,
Пара ісці.
I кофтачка скамечана...
— Пусці мяне, пусці!

Яму цяжэй ці ёй цяжэй?
Ды ў дом, стаіўшы дух,
Дзяўчына ўпырхнула
Цішэй
За галубіны пух.

I цешыцца паўночніца:
Матуля моцна спіць...
А той заплакаць хочацца,
Што вылеціць памочніца
I больш не прыляціць.