Вось і прыйшоў ты дадому, салдат,
У гімнасцёрцы сваёй парудзелай.
Рады і маці, і сёстры, і брат,
Рады суседзі з радні парадзелай.
Хто пасталеў,
Хто дачасна сівы,
Горкія слёзы ў суседак ліюцца:
«Пашанцавала:
Вярнуўся з вайны,
Нашым ніколі з вайны не вярнуцца».
Поўныя шклянкі гарэлкі і слёз.
Плачу, хоць плакаць салдату і нельга.
Мала багацця з вайны я прынёс:
Свой рэчмяшок, чамадан ды шынельку.
Мой кацялок, што з вайны прывалок,
Выклікаў зайздрасць малых, як належа.
Мне не шкада.
I пайшоў кацялок
Дзецям варыць іх няхітрую ежу.
Пераадзеўся ў цывільнае я,
Хоць і завязваў гальштук няўмела...
І не адна гімнасцёрка мая
Нейчыя плечы хоць трохі сагрэла.
Можа, не варта, сябры, ўспамінаць
Тыя гады...
А скажыце, дарэчы,
Як ухітрыліся вы захаваць
Вашы старыя салдацкія рэчы?