Руіны Карфагена

 

Яго зруйнавалі антычныя варвары
Цяжкою рымскаю лапай.
Дажджы і сонца руіны выварвалі
Дваццаць стагоддзяў запар.

Жаўцеюць самотна каменныя соты,
Капаюцца археолагі...
Вайною стаялі на гэтых высотах
Мае і туніскія ворагі.

Сам Ромель стаяў тут, схуднелы і стрыманы.
Наском парыжэлага бота
Гісторыю кратаў,
Зайздросціў рымлянам,
Хваліў у душы іх работу.

I, пэўна, тупой мазгаўнёй вырашаў ён:
Калі ім зямля пакарыцца, —
Пакінуць руіны Смаленска, Варшавы
I Мінска стагоддзяў на трыццаць.

I гэтак было б, каб мы іх не разбілі,
А мы іх разбілі, развеялі,
Каб людзі усюды рабілі, любілі
I ў дружбу братэрскую верылі.

Капацца я ў хламе вякоў не люблю,
Знаёмлюся з новымі фактамі:
Дзе танкамі Ромель калечыў зямлю,
Аруць нашы мінскія трактары.

Былі б толькі мір ды вось гэтая сінь,
А шчасце народам — дабавіцца!
Гляджу на Туніс з карфагенскіх вышынь, —
I мне Туніс падабаецца.