Карыбскія піраты
Ўцяклі ў Панамскі порт.
Японскі імператар
Вітаў сусветны спорт.
I ныюць усязнайкі
У горадзе маім:
Ад Явы да Ямайкі
Усё вядома ім.
Лімоны і бананы —
Занадта ўжо банальна,
I кофтачкі з нейлону —
Для іх ужо шаблонна.
Прывыклі да маштабаў:
То форум, то кангрэс...
А ў нас цвітуць каштаны,
I вішні, і агрэст.
I ракатанне бору,
I сонца над ліствой,
I Нарачы прыбоі —
Якое хараство!
Пакуль там касманаўты
Рыхтуюць новы цуд,
Б'е на Палессі нафта, —
Ад радасці танцуй!
А гэтыя не бачаць:
На цуд ім напляваць,
Віхлява твісты скачуць
I джынсамі фарсяць...
Не вохайце, не ахайце.
Каго паэт уцяў?
Мы ўсе стаім на вахце
Вялікага жыцця.
Таварышы парторгі,
Бацькі і песняры,
Ці не зашмат без толку
Сядзім мы да зары?
Ці тыя кажам словы,
Ці ўсё знайшлі яны
У нас, каго сурова
Вучылі дні вайны?