Рэлігіі прыдумалі старыя
У цемрадзі дагістарычных нор.
Баяліся: дачасна іх зарыюць
Суседзі згаладалыя з пячор.
Я не магу ўявіць тых краявідаў,
Пачуцці дзікіх продкаў зразумець,
Калі з’явіўся першы чорны ідал
I стаў гразіць:
Пакора альбо смерць.
Зрабіўся хітрым,
Пакарыў народы
I запалохаў маладую плоць.
У тых дзядоў
Быў свой маральны кодэкс:
На маладых накінулі аброць.
Страшней за ўсё непаслухмянасць юных,
Як набяруцца сілы —
Усё сажруць,
На бараду сівую гнеўна плюнуць
I баб найпрыгажэйшых адбяруць.
Пайшлі багі крывавыя лясамі,
Прыйшлі ў наш век
Праз тысячу вякоў...
Старыя бога вынайшлі
I самі
Паверылі са страхам у багоў.