Птушка ловіць дзень свой у палёце,
Дождж ільецца,
Падрастае лён.
Сонца ў агнявым кругазвароце
Лік вядзе
Сваіх спякотных дзён.
Толькі мы ў пакутным трапятанні
Марылі пра нейкі дзень удач,
Вырашалі вечныя пытанні,
А суседак не пачулі плач...
А цяпер, бывае, ў госці прыйдуць
Нечакана ў мой шумлівы дом —
Даўні боль,
Мае старыя крыўды,
Разануць бязлітасным лязом.
Суцішаю жартам хваляванне:
Што было — сплыло,
А боль — міне.
Толькі вось надзеі, спадзяванні
Не заходзяць болей да мяне.