Навалілася стома,
Як цяжкая зіма.
Хочаш выбегчы з дому,
А ўжо сілы няма.
Непатрэбшчыны многа,
Мітусні, беганіны,
Быццам цягнуць за ногі
Цябе багавінне
I наш быт парашковы,
Дыетычны, пілюльны.
У жыцці перашкоды —
Раз'яднанне, няўтульнасць.
Ну, прытомішся крышку,
Хочаш дзень памаўчаць.
Тут Арочка ці Клышка
Пачнуць павучаць,
Як пісаць нам, хоць самі...
А зласлівы паэт
У благой эпіграме
Абняславіць на свет.
Сніць ён з зайздрасцю лютай
Аб славе, нажыве:
Сэрца поўна атруты,
Выслаўленняў ілжывых.
Гэткі ціха патрэцца,
Дабярэцца да бога...
Ну а мне што патрэбна?
I ўсё, і нічога.
Павучаннямі прэснымі
Я не буду грашыць,
Раўнадушных у крэслах
Не хачу варушыць.
Не п’яное застолле,
Не зласлівыя плёткі,
А жытнёвае поле
Завяшчалі нам продкі.
Ды сумленне, ды праўду,
Ды бясконцую працу.
Сам сабе я параду
Даю, як трымацца.
Ты забудзь пра лячэнне,
Будзь бліжэй да людзей.
Трэба нам прылучэнне
Да вялікіх надзей.
Прылучацца нам варта
Не да прагнай гайні —
Да звычайнага жарту,
Да дзіцячай гульні.
Да ўсяго, што ў нас смелага,
Да праўды людской,
Як да яблыка спелага,
Прытуліся шчакой.