Пра сонца і месяц

 

Рэдка сонца з месяцам страчаюцца.
Свецяць паасобку.
Дзень і ноч.
Ды яны, раўніўцы,
I спрачаюцца
З-за цябе, зямля, даўным-даўно.

Абяцанкі, клятвы
Месяц любіць надта,
Сее ў цемры сны
То страшныя, то лёгкія;
Шэпча нешта астраномам, касманаўтам
Пра сузор'і, пра галактыкі далёкія.

Пасвяціў і знік.
Пакінуў холад рос,
Туманоў няўпэўненую дымку,
Успамінаў трохі пра абдымкі
Ды чарніц у кожны лес натрос...

А узыдзе сонца —
Крылы качак на рацэ пакратае,
Затым
У калысках валаскі дзіцячыя
Паказыча пальцам залатым.

I праз лісце паліецца санцападам,
Кветкі і плады
Напоўніць мёдам шчодра,
Густа сыпане суніц на ляды,
Пагасцюе у калодзежах і вёдрах.

А як светам восень завалодае,
Сонца ўсё пакрые
Цёплай пазалотаю.
Нават лужыны — кавалачкі блакіту —
Клапатліва будуць ім прыкрыты
Залатымі донцамі,
Кляновымі сонцамі.