Помніш, друг, як гасцявалі...

 
                           Анатолю Вялюгіну

Помніш, друг, як гасцявалі
У нарачанскай старане?
Піравалі, начавалі
Пад грымоты у гумне.

Цэлы вечар клапатліва
Хлеб і сала кроіў нож...
Я люблю дажджы і ліўні,
А тады збіраўся дождж.

Соснаў цёмнае кіпенне,
Першых буйных кропляў стук,
А пасля дажджу шыпенне —
Першабытны слаўны гук.

Спалі мы на сенавале.
На духмянай той гары.
Там, дзе нас каранавалі
Пах лугоў і камары.

Мы пра ўсё вялі размову,
Чулі лесу кожны рух...
Пра азёрны край сасновы,
Дзе жыве наш добры друг,

Пра дзяўчатак нарачанскіх:
Ад красы іх не ўцячы...
А праз шчыліны маланкі
Нас хацелі апячы.