Пад старасць мы, як жабракі,
Збіраем успаміны:
Святло зары,
I пах ракі,
I нават выбух міны.
Імгненні даўныя сустрэч,
Дзіцячы свой ласунак.
На кожную старую рэч
Глядзім з лагодным сумам.
Усё запомніла душа:
I конаўкі, і лыжкі.
Яшчэ быў пах карандаша
I самай першай кніжкі.
Былі радоўкі у жыцці,
Начлег, туман і коні...
Ці ты прыпомніў гэта, ці
Я даўны час прыпомніў?
На схіле розных летніх дзён
Параніў нас да болю
Спеў берасцянкі,
Ціхі звон
На матыльковым полі.
I кожны з нас успомніць, як
Пярун страшэнны грымнуў
На Кацярынінскі бальшак
З бярозамі старымі.
У нас жыве ва ўсе часы
Зялёны родны гоман.
«Ушачы», — шэпчуцца лясы,
Гудуць лясы: «Бягомль...»
Чытаю вершы я твае,
Напоеныя лесам.
I гэтыя, дзе кожны б’е
I гневам, і жалезам.
Мы ўсё прайшлі: агонь і дым,
Каб злыдні пацішэлі.
Былі ў акопе мы адным,
Былі ў адной траншэі...
Нас час, як дзяцел той, дзяўбе
Усё мацней з гадамі.
Гляджу я сёння на цябе
I думаю: адданасць.
I ўнукам некалі скажу,
Што лёс у нас адзіны.
На твой і мой бальшак гляджу
I думаю: Радзіма.