Першыя раны жанчына лячыла...

 
Першыя раны жанчына лячыла,
Травы збірала з відна да цямна.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Першай пасеяла зерне яна...

Той і шчаслівы, хто зведаў каханне,
Хай потым беды, хвароба і золь,
Мы не скупіліся на абяцанні,
Ўсё ім далі:
                   ад пярсцёнкаў да зор.

Ведаю:
            час раўнадушна імклівы,
Дзьмухне у твар скразнячок ледзяны.
Лісце ў садах ападае маўкліва,
Зноўку ў кватэрах жанчыны адны.

I субяседнік адзін — тэлевізар,
Кветак няма,
                     ды і ласкі няма.
Я правяду сорак восем рэвізій
I аддалю тваю сцюжу, зіма.

Не паціскайце, мужчыны, плячыма,
Не спасылайцеся хітра на час.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Можа, як-небудзь прыручыць і вас.