1 Пачыналася гэта ноч Грозным гулам стагодніх паркаў. Пачыналася гэта ноч Стогнам белых снягоў над аркай. Цёмны вецер над замкам кружыў, Пагражаючы сцюжай жалезу, I у роспачы на крыжы Голы курчыўся Езус. А у замку гарэлі агні, Ціха радыё-скрыпкі гралі. Запаведнікам цішыні Ахрысці гэты кут ці раем. Цішыня! Вельмі многа гадоў я Сярод грукату і агню Усё шукаў, здабываў яе доўга, Сваю першую цішыню. I знаходзіў не раз і зноўку Аддаваў яе людзям другім. Сам ішоў з неразлучнай вінтоўкай На чужацкія берагі, Каб выходзілі людзі і пожні Насустрэчу мірнаму дню. Я хацеў яе ўзяць апошнім, Сваю першую цішыню. Не дарэмна пяецца песня, Як вяртаецца князь з вайны... Радзівілаўскі замак. Несвіж. Дываны. Дываны. Дываны. Не суровыя рыцары ў датах Сустракаюць князя свайго, А вясёлыя нашы дзяўчаты Усміхаюцца: я іх госць. Вось пакой мой, прасторны і чысты, Сядзь у крэсла і адпачні. Над табою гараць урачыста Мяккім светам электраагні. Адпачну... Толькі вось прыгадаю Я адну франтавую ноч, Што загінула ў зорных далях, Што была так даўно, так даўно. 2 I была гэта ноч На адной з выпадковых мясцін. Не пытайцеся назвы: Дарог і паселішчаў лівень Прашуміць і заціхне, А ў сэрцы ўсяго не змясціць — I стаяў прада мною тады Дваццаць пяты мой жнівень. Ён зарыўся па вушы ў траву I па вочы жытам зарос, Ён глядзеў, як ляцеў журавель Над нямой ад здзіўлення бярозай, — Як рухавым крылом Цень на поплаў атрос, I паплыў гэты цень Па атавах, Зажынаючы росы. I адразу на плечы мае Навалілася цёмная ноч, Зоркі ў сэрца нацэлілі Сінія вострыя джалы, I апошні праменьчык зары Туманы прагна выпілі з воч, Засмакталі мяне, I душа аж зайшлася ад жалю. Да вайны не лічыў я Ніколі шчаслівых гадзін, А тады, як жабрак, Я напоўніў пакораю вочы: Дайце з гэтаю ноччу Пабыць мне адзін на адзін, З гэтай жнівеньскай ноччу, З гэтай самаю страшнаю ноччу. Я да нетраў яе таямніц Неадкладна дабрацца хачу Па сцяжынцы блакітнай, Што высцеліць месяц пад ногі. Можа, мне ўпершыню у жыцці Давядзецца сягоння пачуць, Як адлётваюць кветкі У вырай па зорных дарогах. I, здавалася, вось: Толькі момант, Адзін толькі рух — I вайна ўжо легенда, На зямлі цішыня і на моры. Раптам гук я пачуў — Быццам грыз тупарылы вяпрук У захмарных дубровах Жалуды пазалочаных зорак. Узнялі два пражэктары У неба сівыя мячы, Ноч тугі і надзеяў Пасеклі на дробныя часткі. Сэрца, ты мяне падвяло, Годзе трызніць, цяпер памаўчы: Ты хацела знайсці ў цішыні Вельмі лёгкае шчасце. Ты хацела забыць Кулямётаў суровы пагляд, Прыхінуцца да зорак I песні ружовыя выткаць. Ноч адпомсціла нам — У зарніцах увесь далягляд, Па драпежніку б'юць Трапяткія зеніткі. Пакуль будзе драпежнік Над нашай зямлёй завываць, Не глядзіце вы, зоркі, У мае бессаромныя вочы. Перш раўці у атаках, Перш дзяцей і жанок ратаваць, А пасля — цішыня I блакітныя цёплыя ночы. 3 Прабачайце, якія зеніткі? Гэта трызніцца ўсё у сне. За акном у сівыя світкі Апранае таполі снег. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы заглохлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Як жа гэта я не заўважыў Вас, шаноўнейшая княгіня? Толькі бліснулі вочы вашы — I, здалося, спакой мой гіне. Прыгаством захацелі аплесці? Старажытная хітрасць жанчын! Не спакусіце. Я, нарэшце, З гэтай ноччу адзін на адзін. А княгіня, відаць, прадрогла, У самоце чакаючы ранак: Па славутаму метаду Гогаля Выйшла з рамак. Падышла і стала за крэслам, Углядаецца на паперу I на рыфмы мае атрэсла Тры агністыя перлы. Шэпча горача і жалобна: «У мяне адзінота, гора. Усё цьмяна, нудна і дробна. Можа, ты са мной пагаворыш?» Ад падобнае прапановы Стала прыкра: пані сваволіць... Што мне вашае гора, панове! Я свайго за вайну меў даволі. 4 Не ведаю, дзе вас і хто вас цешыў, Не ведаю, хто вас тады суцяшаў, А я ж без гранат, без куль, без сцежак У несвіжскім парку галодны ляжаў. А танкі варожыя злева і справа, Над замкам на крыллях вісіць бяда. Плясне — і кропка. Кепскія справы. I замка шкада, і сябе шкада. А можа, плюнуць з высокай пагардай На чорны, брухаты нямецкі танк? Папрасіць у лёса казырную карту, Сэрца залажыць і пайсці ва-банк? Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. I, таргануўшыся ўстаць раз пяты, Зразумеў я тады, што такое гора. Адзін на ўвесь свет. Галодны. Распяты. Да зямлі прыкуты цвікамі зорак. 5 Схамянулася княгіня: «Мне настрой такі знаёмы. Вецер скардзіцца і плача, Б'е у шыбы чорны снег. Ані гукаў паланезу, Ані шэпатаў гарачых, Не звіняць з віном бакалы, Як святочныя званы. Разбрыліся афіцэры, Што ў маім гасцілі замку, Па нізінах італьянскіх, Па ангельскіх гарадах. Толькі я вось тут распята, Да сцяны прыкута белай. Слухаць хлопскія размовы Асудзіў мяне пан бог». 6 Што вы мне загаварваеце зубы? Мае ўспаміны не для вашых вушэй. Не ваш я суцяшальнік, I не ваш я любы, З гэткімі размовамі Папрашу: цішэй! I вачмі не зыркайце: Рыцараў у латах Вам не дагукацца — Крычы ці не крычы. Цяпер тут санаторыя, I жыхары ў палатах — Старшыні выканкомаў, Манцёры і ўрачы. Тут спяць, адпачываюць Нашчадкі тых асілкаў, Што замак збудавалі Для вас у даўні час. Тут гояць свае раны Героі-партызаны, Якія каля Несвіжа Хадзілі ў бой не раз... Я думаў, вы, княгіня, Цяпер у Аргенціне Ці ў Лондане туманным Гандлюеце. А вы Хворых тут трывожыце, Па начах галосіце Голасам савы. Я забараняю вам Над замкам кружыцца, Вецер падбухторваць Выць і свістаць. З вамі мне ў пакоі У адным не ўжыцца, Папрашу у рамкі. Пачало світаць... 7 Як ударыў промень першы У паркетную падлогу, Як ён выплеснуў на вершы Вёдры сонца залатога, — Я устаў усхваляваны, Нібы вызвалены вязень. Што мне Мар'я з Кастэлянаў, Хоць яна і жонка князя! Што мне цёмныя паданні Старажытнасці магнацкай! I навошта мне за зданню Тых паданняў сёння гнацца? Не хачу ў такім пакоі Цішынёй настрой калечыць, Пазіраць, як прада мною Падхалімнічаюць рэчы. Шафа рукі расстаўляе I скрыпіць: давай шынельку. Крэсла сесці запрашае На узор вясёлы нейкі. Дываны найлепшай кветкай Пад нагу імкнуцца легчы. Не хачу паслугі гэткай Ад такіх раскошных рэчаў. Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім грубым. На услон кляновы сесці Мне было заўсёды люба. Не таму, што не па сэрцу Мне багатыя харомы, Але толькі там сагрэцца Нам ільга, калі здаецца Гэты хорам родным домам. Вунь ляжыць мая краіна За акном, як на абрусе. Абгарэлыя руіны — Гэта раны Беларусі. Не магу я парадніцца З цішынёй старых палатаў: У зямлянках дзецям сніцца Казка — сонечная хата. Цішыні няма на свеце, Вельмі шмат на свеце працы. Дык склікай сябрыню, вецер, Будаваць свае палацы, Дзе б кажыная драбніца Нам пра наша гаварыла. Каб сівая навальніца Сцен ніколі не размыла, Каб жылося там багата, Як ва ўсім савецкім краі, Каб цягнула нас дахаты З райскіх земляў, нават з раю.