Пачаўся перапіс грахоў:
Іх як калосся ў жыце...
Усе грахі сваіх сяброў,
Суседзяў, саслужыўцаў,
Дзяцей малых,
Бацькоў старых,
Буфетчыц на вакзале
I падначаленых сваіх —
З прыемнасцю назвалі.
Той хабару начальству даў,
Той пажывіўся ў касе,
Той спекульнуў,
Той недадаў,
Той «Жыгулі» свае прадаў
Выгодна на Каўказе.
О, выкрывацелі грахоў,
Цаню я вашу смеласць!
Тут мала ўжо прамоў,
Вымоў:
Здымаць пара наспела.
Я рукавы ўжо закасаў,
Ды стала мне нядобра:
Ніхто, ніхто не запісаў
Свой грэх, хоць самы дробны.